Як перабудаваць сістэму адукацыі адпаведна патрэбам пераменлівага свету? У Мінску прайшлі Нацыянальныя кансультацыі напярэдадні Саміту ААН па трансфармацыі адукацыі
19 верасня 2022 года ў Нью-Ёрку у рамках 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН адбудзецца Саміт па трансфармацыі адукацыі.
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у Беларусі падтрымала працэс Нацыянальных кансультацый у рамках падрыхтоўкі да Саміту. Пад кіраўніцтвам Офіса Пастаяннага каардынатара ААН і Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі ў жніўні праведзеныя абмеркаванні ў фокус-групах і нацыянальныя круглыя сталы ў рамках падрыхтоўкі да Саміту ААН.
У выніку ўзаемадзеяння з дзецьмі, навучэнцамі, настаўнікамі, бацькамі і дзяржаўнымі служачымі ўзгодненыя наступныя прыярытэты перабудовы адукацыі ў Беларусі:
У мэтах стварэння і падтрымкі інклюзіўных, справядлівых, бяспечных і здаровых школ неабходна:
- гарантаваць належны ўзровень бяспекі адукацыйных устаноў,
- мадэрнізацыю наяўнай фізкультурна-спартыўнай базы,
- супрацьдзейнічаць злачыннасці сярод моладзі,
- дамагчыся комплекснай рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі, які забяспечвае роўны доступ да атрымання адукацыі ўсім, незалежна ад іх індывідуальных здольнасцей і патрэб,
- пашырыць магчымасці прафесійнай падрыхтоўкі людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця,
- стварыць безбар’ернае асяроддзе і
- падтрымаць эфектыўную сацыялізацыю моладзі ў цяжкім жыццёвым становішчы.
У рамках тэматычнага напрамку дзеянняў, накіраваных на навучанне і забеспячэнне навыкаў для жыцця, працы і ўстойлівага развіцця неабходна:
- фарміраваць у навучэнцаў кампетэнцыі і навыкі, патрэбныя для вынаходніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці,
- ствараць інавацыйныя прадукты,
- распрацоўваць адукацыйныя стандарты новага пакалення з улікам тэндэнцый развіцця эканомікі і грамадства,
- развіваць інавацыйную інфраструктуру ўніверсітэцкай навукі,
- павышаць эфектыўнасць навукова-даследчай дзейнасці ў вышэйшых навучальных установах,
- праводзіць прафарыентацыйную працу праз азнаямленне з новымі прафесіямі, актуальнымі ў кантэксце ўстойлівага развіцця і зялёнай эканомікі,
- развіваць моладзевую прадпрымальніцкую актыўнасць, у тым ліку падтрымку моладзевых стартапаў і валанцёрскай дзейнасці і актывізаваць выяўленне і падтрымку таленавітых дзяцей і моладзі.
Для развіцця сферы лічбавага навучання і трансфармацыі неабходна:
- прыкласці намаганні для комплекснай інтэграцыі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс і дзейнасць устаноў адукацыі ўсіх тыпаў,
- распрацоўваць прадметныя інтэрактыўныя лабараторыі,
- актыўна выкарыстоўваць элементы гейміфікацыі ў мэтах інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу,
- павышаць лічбавую кампетэнтнасць настаўнікаў і выхавальнікаў,
- распрацоўваць інавацыйныя адукацыйныя лічбавыя прадукты,
- абнаўляць камп’ютарную тэхніку ва адукацыйных установах,
- адкрываць класы інавацыйнага навучання і цэнтры робататэхнікі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Трансфармацыя адукацыі патрабуе таксама рэформаў у сферы выкладання і настаўніцкай прафесіі праз:
- актуалізацыю лічбавых, псіхолага-педагагічных і сацыяльна-эмацыянальных навыкаў педагогаў,
- удасканальванне прафесійнай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў,
- умацаванне кадравага патэнцыялу вузаў,
- амаладжэнне і павышэнне кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага саставу,
- павышэнне заработнай платы педагогам.
У напрамку фінансавання адукацыі былі вызначаныя наступныя прыярытэты:
- развіццё эканамічнай самастойнасці адукацыйных устаноў,
- паглыбленне самастойнасці адукацыйных устаноў, як у пытаннях планавання, так і ў кіраванні бюджэтнымі сродкамі,
- развіццё інавацыйнага фінансавання і пашырэнне фіскальнай прасторы.
Вышэйзгаданыя вынікі Нацыянальных кансультацый абмеркавалі падчас круглага стала “Трансфармацыя адукацыі” 15 жніўня 2022 года ў Мінску.
У сустрэчы прынялі ўдзел Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі, Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Таня Радачай, прадстаўнікі другіх арганізацый сістэмы ААН, Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”, Інстытута інклюзіўнай адукацыі, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ўстаноў адукацыі.
Удзельнікі круглага стала абмеркавалі даклад “Нацыянальная сістэма адукацыі: дасягненні, вызавы, перспектывы развіцця”. Таксама разгледзелі прапановы і заўвагі ў такіх тэматычных блоках, як “Інклюзіўныя, справядлівыя, бяспечныя і здаровыя школы”; “Навучанне і навыкі для жыцця, працы і ўстойлівага развіцця”; “Лічбавае навучанне і трансфармацыя”; “Педагогі, выкладанне і настаўніцкая прафесія” і “Фінансаванне адукацыі”.
У сваім выступе Міністр адукацыі Андрэй Іванец, спаслаўшыся на Нацыянальную стратэгію ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года (НСУР-2030), заўважыў, што сістэме адукацыі Беларусі ўласцівыя такія рысы, як даступнасць, высокі ўзровень і інклюзія.
“Сёння мы бачым, што незалежна ад таго, у якой мясцовасці пражываюць нашы маладыя людзі, ці гэта вёска, ці малы раённы, ці абласны раённы цэнтр, яны павінны мець роўны доступ да якаснай адукацыі. На гэты момант наша краіна займае 17 месца сярод 163 краін у сусветным рэйтынгу індэкса даступнасці базавай адукацыі”.
Міністр адукацыі таксама заўважыў, што немалаважным аспектам сістэмы адукацыі Беларусі з’яўляецца інклюзіўная адукацыя.
“Сёння 43 тысячы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця будуць атрымліваць адукацыю ў нашых установах у першую чаргу на ўмовах інтэграцыі. Гэта сведчыць аб тым, што сёння мы выхоўваем культуру інклюзіўнага грамадства. Мы гаворым аб тым, што і грамадства, і педагогі, і ў цэлым наша моладзь гатовыя да таго, каб прыняць у сваім калектыве дзяцей з асаблівасцямі”, - адказаў Андрэй Іванец.
Падчас удзелу ў нацыянальных кансультацыях Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі заўважыла, што праз скліканне Саміту ААН і дзяржавы-члены калектыўна прызнаюць, што адукацыя мае ключавое значэнне як аснова міру, цярпімасці, правоў чалавека і ўстойлівага развіцця.
"Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у Беларусі рада зрабіць свой унёсак у працэс нацыянальных кансультацый, якія прайшлі ў больш чым 100 краінах свету. Мы спадзяемся, што, грунтуючыся на высокім узроўні адукацыі ў Беларусі і з улікам асаблівай увагі да адукацыі сярод нацыянальных прыярытэтаў, гэтыя агульнанацыянальныя кансультацыі дапамогуць умацаваць агульнае бачанне, прыхільнасць і ўзгодненасць дзеянняў усіх зацікаўленых бакоў дзеля трансфармацыі адукацыі”, - зазначыла Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі.
Іаана Казана-Вішнявецкі дадала, што намаганні прыцягнуць і мабілізаваць грамадскасць падчас падрыхтоўкі Саміту былі накіраваныя на дэмакратызацыю дыялогу аб пытаннях адукацыі і развіццё глабальнага руху за трансфармацыю адукацыі.
“Як ААН мы і ў далейшым будзем рабіць свой унёсак у тое, каб апрача афіцыйных прадстаўнікоў сектара адукацыі на глабальным узроўні пачулі і галасы бацькоў, дзяцей і настаўнікаў, а таксама незалежных экспертаў у галіне адукацыі”, - падкрэсліла яна.
У сваім выступе на круглым стале Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Таня Радачай зазначыла, што сістэмы адукацыі ва ўсім свеце знаходзяцца ў крызісным стане, бо яны ўстарэлі і мяняюцца надта марудна, пры гэтым рэальнасць мяняецца значна хутчэй.
“Дзеці, якія цяпер ходзяць у школу, не ведаюць свет без інтэрнэту, штучнага інтэлекту, сацыяльных сетак”, - заўважыла Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі.
Паводле Тані Радачай, дзеці, якія нарадзіліся ў гэтым годзе, будуць жыць у 22 стагоддзі.
“Хаця з боку біялогіі дзеці застаюцца дзецьмі, іх успрыманне свету грунтоўна адрозніваецца, яны лепш і па-іншаму вучацца, чым іх бацькі, бабулі і дзядулі. Беларускія дзеці расказалі нам, што яны жадаюць і могуць зрабіць унёсак у паляпшэнне працэсу навучання і вынікаў, могуць расказаць, якіх навыкаў ім бракуе, што зробіць навучанне больш цікавым для іх. Яны таксама бачаць недахопы ў адукацыі і навыках настаўнікаў”, - сказала Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі.
Падрыхтоўка Рэспублікі Беларусь да Глабальнага Саміту ААН па трансфармацыі адукацыі прайшла ў некалькі этапаў. На працягу лета 2022 года ў Беларусі праведзены навукова-практычная канферэнцыя “Адукацыя ў інтарэсах будучыні”, дзве анлайн-канферэнцыі з удзелам бацькоў і грамадскае абмеркаванне пытанняў развіцця адукацыі падлеткамі і маладымі людзьмі.
Круглы стол у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі стаў фінальным мерапрыемствам Нацыянальных кансультацый напярэдадні Саміту па трансфармацыі адукацыі і сабраў мноства зацікаўленых бакоў, у тым ліку прадстаўнікоў міністэрстваў, вучоных, педагогаў, прыватнага сектара, падлеткаў.
Афіцыйнымі партнёрамі правядзення Нацыянальных кансультацый сталі прадстаўнікі краінавай групы ААН. Арганізацыйную падтрымку Нацыянальных кансультацый забяспечыў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.