Сусветны тыдзень груднога выкормлівання
Грудное выкормліванне ратуе ад атлусцення, нармалізуе вагу маці і дзіцяці, зніжае рызыку раку малочнай залозы і ўмацоўвае імунітэт.
Аб карысці груднога выкормлівання ведае, бадай што, кожны. Аднак паводле даследавання MICS, праведзенага ў Беларусі ў 2019 годзе Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь і ЮНІСЕФ, толькі 24 працэнты жанчын пацвердзілі, што мелі магчымасць ранняга (на працягу першай гадзіны пасля родаў) прыкладання да грудзей; выключна грудное выкормліванне пацвердзілі 22 працэнты. Адпаведныя рэкамендацыі СААЗ і ЮНІСЕФ – 100% і 60%.
Чаму гэта так і што можна зрабіць?
Валянцін Русовіч, каардынатар праграм у галіне аховы здароўя Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:
“СААЗ і ЮНІСЕФ надаюць асаблівае значэнне двум паказчыкам: ранняму прыкладанню да грудзей і выключна грудному выкормліванню да шасці месяцаў”. Прыкладанне да грудзей на працягу першай гадзіны пасля родаў, з аднаго боку, забяспечвае скарачэнне гладкай мускулатуры маткі пасля родаў і зніжэнне рызыкі пасляродавага крывацёку. З другога боку, гэта спосаб моцна стымуляваць грудное выкормліванне. Нягледзячы на тое, што пры першым прыкладанні выдзяляецца толькі малодзіва (першае малако), яно вельмі важнае для імуннай сістэмы дзіцяці, паколькі змяшчае вялікую колькасць антыцел маці, якія абараняюць арганізм дзіцяці ў першыя 2-3 месяцы.
Другі паказчык – выключна грудное выкормліванне да шасці месяцаў. СААЗ і ЮНІСЕФ заклікаюць да выключна груднога выкормлівання (у тым ліку без дадавання ў рацыён вады) да шасці месяцаў ці, больш дакладна, да пяці месяцаў і 29 дзён уключна. Гэта зручна і для бацькоў, і для дзяцей і вельмі карысна.
Калі казаць аб раннім прыкладанні да грудзей, у першую чаргу трэба палепшыць выконванне пратаколаў родадапамогі, якія прадугледжваюць прыкладанне да грудзі, і не забываць аб гэтым на ўзроўні краіны. Сапраўды, паводле даных даследавання MICS 2019 года, толькі 24 працэнты з рэпрэзентатыўнай выбаркі жанчын пацвердзілі ранняе прыкладанне да грудзей. Цікава, што горшы паказчык быў у Мінску (16%), а лепшы – у Гродзенскай вобласці. Гэта праўда, што амаль усіх дзяцей, народжаных натуральным шляхам, даюць маці патрымаць пасля родаў, але, магчыма, часта няма часу, трэба аддаць родавую залу наступнай пацыентцы, гэта значыць часу на працяглае прыкладанне да грудзей не хапае, нягледзячы на тое, што гэта, вядома, прадугледжваюць дзеючыя пратаколы.
Што да другога фактару: недастатковая доля дзяцей на выключна грудным выкормліванні да шасці месяцаў і толькі 22 працэнта жанчын у Беларусі, якія дзейнічаюць паводле рэкамендацый пры тым, што мэта СААЗ і ЮНІСЕФ - 60 працэнтаў, для гэтага ёсць шмат прычын. Многія мамы і бабулі, асабліва пасляваеннага пакалення, хвалююцца, што дзіця будзе недаядаць пры выключна грудным гадаванні да шасці месяцаў. Яны ўсімі сіламі імкнуцца, каб дзіця павялічвала вагу і не выглядала худым. Сапраўды, пры раннім пераходзе да штучнага гадавання, дзякуючы таму, што кармленне з бутэлечкі праз вялікія дзіркі лягчэйшае для дзіцяці ў параўнанні з грудным гадаваннем, дзіця з'ядае больш, і яго вага павялічваецца. Усе радыя таму, што дзіця дагледжанае. Аднак гэта пагражае ўстойлівай залішняй масай цела, спачатку ў дзіцячым, а затым ў падлеткавым і, магчыма, у сталым узросце і звязанымі з гэтым негатыўнымі наступствамі.
Яшчэ адна прычына: дзеючыя пратаколы, распрацаваныя для педыятраў і лекараў агульнай практыкі даюць вельмі неадназначную рэкамендацыю аб дабаўленні цвёрдай ежы ў рацыён дзяцей – ва ўзросце чатырох месяцаў. Гэта не адпавядае рэкамендацыям СААЗ і ЮНІСЕФ. Сапраўды, 40 працэнтаў жанчын з рэпрэзентатыўнай выбаркі адказалі, што да шасці месяцаў кармілі дзяцей пераважна грудным малаком, уключаючы прыкорм мяккай і паўцвёрдай ежай.
Ёсць шэраг іншых фактараў для падтрымкі груднога гадавання на ўзроўні аховы грамадскага здароўя, якія ў меншай ступені актуальныя для Беларусі. У шмат якіх краінах даюць вельмі маленькі адпачынак на догляд за дзіцем, што вымушае маладых мам хутчэй вяртацца на працу і спыняць грудное выкормліванне.
Лекары-педыятры, лекары агульнай практыкі, патранажныя медсёстры не заўсёды маюць час, каб падтрымаць мам у пытаннях груднога гадавання. Апроч таго, уплываюць і такія праблемы, як перагрузка жанчыны, пасляродавая дэпрэсія, што з’яўляецца адной з распаўсюджаных прычын спынення груднога гадавання. Гэта таксама патрабуе дадатковай падтрымкі з боку блізкіх, а пры неабходнасці і ўмяшання медработнікаў.
Чаму грудное выкормліванне?
Карысць для дзіцяці:
- дзеці на грудным выкормліванні маюць лепшы імунітэт, радзей хварэюць на дыярэю ці рэспіраторныя інфекцыі. Грудное малако - сродак прафілактыкі інфекцыйных захворванняў, з яго дапамогай дзіцяці перадаюцца антыцелы ад маці;
- абараняе дзяцей ад хуткага набору вагі і з’яўляецца базай для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў.
Валянцін Русовіч: “Хуткі набор вагі пры штучным выкормліванні павышае рызыку ўстойлівай залішняй масы цела ў дзіцячым, падлеткавым, а затым і сталым узросце. Мы ведаем, што залішняя маса цела ў дарослых павышае рызыку развіцця неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, цукровага дыябету і г.д. Гэта значыць, што аснова, ці для прафілактыкі, ці для павелічэння рызыкі гэтых захворванняў закладаецца ўжо на этапе, калі мама выбірае паміж грудным і штучным выкормліваннем.
Карысць для мамы:
- абараняе ад некаторых відаў анкалагічных захворванняў (напрыклад, памяншае верагоднасць рака малочнай залозы і інвазіўнага рака яечнікаў),
- спрыяе больш хуткаму аднаўленню пасля родаў і нармалізацыі вагі мамы.
Валянцін Русовіч: “Грудное выкормліванне – гэта натуральны працэс, вельмі важны для здароўя, як дзяцей, так і маладых мам, які трэба стымуляваць усімі спосабамі. Абсалютная большасць жанчын пры дастатковай падтрымцы маюць магчымасць весці грудное выкормліванне, незалежна ад асаблівасцей іх целаскладу, якія для функцыі груднога гадавання не маюць значэння. Змешанае выкормліванне ─ гэта нейкі кампраміс, які нясе ў сабе рызыкі, звязаныя са штучным выкормліваннем, а таксама згасанне функцыі груднога выкормлівання”.
Грудное малако – гэта сапраўдны дар прыроды для падтрымкі здароўя і імунітэту малыша, умацавання яго сувязі з мамай і спрыяння яе здароўю. Наладжванне і падтрымка груднога гадавання, несумненна, патрабуе намаганняў як з боку ўсёй сям'і, так і медыцынскага персаналу. Але намаганні акупяцца ў сто разоў.