Сумеснае рэагаванне агенцтваў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі на крызіс украінскіх бежанцаў
Вайна ва Украіне, якая працягваецца ўжо больш за год, выклікала найбуйнейшы крызіс бежанцаў з часоў Другой сусветнай вайны.
Амаль трэць насельніцтва была вымушаная пакінуць родны дом – каля 8 мільёнаў чалавек выехалі з Украіны і знайшлі прытулак у суседніх краінах; каля 5,4 мільёна жыхароў Украіны пакінулі свае дамы і пераехалі ў іншыя раёны краіны.
Паводле даных урада, на 21 лютага 2023 года ў краіне зарэгістравана 20 536 украінскіх бежанцаў. З іх 66% - жанчыны.
З пачатку крызісу сістэма ААН грае важную ролю ў забеспячэнні гуманітарнай дапамогі бежанцам і ўзмацненні патэнцыялу мясцовых арганізацый і ўстаноў Беларусі, адказных за дапамогу на пярэднім краі.
Пад кіраўніцтвам і пры каардынацыі Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Праграма развіцця ААН (ПРААН) і нацыянальныя партнёры аб’ядналіся дзеля рэалізацыі рэгіянальнага плана рэагавання на прыбыццё бежанцаў з Украіны.
Агульнымі намаганнямі агенцтвы ААН распрацавалі анлайн-платформу WeHelp, якая дзейнічае як інфармацыйны партал для бежанцаў з Украіны, дзе можна зручна і хутка атрымаць адказы на шматлікія пытанні, ад афармлення прававога статусу ў краіне і гуманітарнай дапамогі да пошукаў працы і жылля. Партал звязаны з шэрагам рэсурсаў, у тым ліку старонкай дапамогі УВКБ ААН HELP, якая ўваходзіць у сетку старонак HELP у цэлым рэгіёне для забеспячэння рэгіянальнага падыходу.

На месцах, у супрацоўніцтве з Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа і мясцовымі ўладамі, кожнае з агенцтваў ААН забяспечвае спецыялізаваныя паслугі для бежанцаў.
- ЮНФПА аказвае падтрымку людзям, пераважна жанчынам, пажылым людзям (іх сярод бежанцаў 53,5 працэнта) і людзям з інваліднасцю. У тым ліку ацэнку патрэб, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, кансультацыі наконт пытанняў гендарнага гвалту, суправаджэнне ў афармленні дакументаў і атрыманні дапамогі. У якасці гуманітарнай дапамогі выдаюцца гігіенічныя наборы, жаночая нацельная бялізна і тэрмабялізна, іншыя неабходныя рэчы.

На базе “Бяспечнай аранжавай прасторы” ЮНФПА працуюць групы самадапамогі для людзей старэйшага ўзросту, дзе яны могуць атрымаць важную інфармацыю аб даступных паслугах і лічбавых рэсурсах, а таксама паклапаціцца аб сваім фізічным і псіхічным здароўі. ЮНФПА дапамагае сацыяльным работнікам і валанцёрам, якія працуюць з бежанцамі ў Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, атрымаць псіхалагічную дапамогу, тэхнічныя веды і навыкі планавання і аказання гендарна- адчувальных паслуг і прафілактыкі гендарнага гвалту.
- Ад МАМ гуманітарную дапамогу атрымалі больш за 2000 бежанцаў, у тым ліку прадукты харчавання і гігіены, адзенне і прадметы хатняга ўжытку, медыцынскую і псіхалагічную падтрымку, дапамогу з транспартам і пражываннем. МАМ таксама дапамагае бежанцам з Украіны з працаўладкаваннем: аплачвае прафесійныя курсы і курсы перападрыхтоўкі, дапамагае з неабходнымі дакументамі.

- ЮНІСЕФ і УВКБ ААН сумесна з Беларускім Чырвоным Крыжам аказваюць псіхалагічную падтрымку і забяспечваюць адрасную грашовую дапамогу бежанцам з Украіны, а таксама ваўчары для набыцця неабходных тавараў, асабліва важных у халодныя зімовыя месяцы.

- Недалёка ад мяжы ў Брэсце, на аўтавакзале, працуе інфармацыйны пункт ЮНІСЕФ дзе сем’і, якія прыбываюць у Беларусь, атрымліваюць інфармацыю і прававую дапамогу, паслугі абароны, псіхалагічнай падтрымкі ды іншыя паслугі і дапамогу. Гэты праект ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з горадам Брэстам, Беларускім Чырвоным Крыжам і кансультатыўнымі службамі для бежанцаў.
-
Подпіс: У Брэсце на аўтавакзале ЮНІСЕФ і УВКБ ААН кіруюць інфармацыйным пунктам, у якім сем'і, якія прыбываюць у Беларусь, атрымліваюць інфармацыю і прававую дапамогу, паслугі абароны, псіхалагічную падтрымку і іншыя паслугі і дапамогуФота: © UNICEF in Belarus
- СААЗ у Беларусі рэалізуе шэраг мерапрыемстваў для ўзмацнення патэнцыялу Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: трэнінгі для спецыялістаў і валанцёраў аб крызіснай псіхалогіі, псіхасацыяльнай падтрымцы, першай дапамозе; закупка тавараў для дыстанцыйных кансультацый для бежанцаў, у тым ліку ў галіне аховы здароўя, псіхічнага здароўя і псіхасацыяльнай падтрымкі; закупка рэабілітацыйнага абсталявання, дыягнастычнай апаратуры і гігіенічных рэчаў для бежанцаў.

- ПРААН дабіваецца ўзмацнення патэнцыялу нацыянальных партнёраў у сферы дапамогі бежанцам, у тым ліку праз кіраванне валанцёрскай дзейнасцю і нарошчванне патэнцыялу. Больш за 160 валанцёраў у Беларусі павысілі ўзровень ведаў і навыкаў у аказанні дапамогі тым, хто мае патрэбу. Добраахвотнікаў ААН залучылі для ўзмацнення эфектыўнасці інфармацыйнага забеспячэння і правядзення безупыннай ацэнкі многааспектных праблем бежанцаў. ПРААН робіць унёсак у гуманітарную працу партнёраў: прапануе доўгатэрміновыя рашэнні ў галіне развіцця, дапамагае ва ўмацаванні сацыяльнай згуртаванасці і садзейнічае больш значнаму ўдзелу мясцовых супольнасцяў у працы з бежанцамі. Больш за 200 бежанцаў атрымалі сродкі да існавання ў рамках партнёрства ПРААН з Беларускім Чырвоным Крыжам.
Сістэма ААН у Беларусі, якая застаецца далучанай, непрадузятай і нейтральнай да забеспячэння гуманітарнай дапамогі ў Беларусі, прымае ўдзел у рэалізацыі Глабальнага дагавора аб бежанцах і Рэгіянальнага плана рэагавання на патрэбы бежанцаў, прынятых на міжнародным узроўні. Хоць доля мер рэагавання Беларусі параўнальна невялікая, але гэта праца забяспечвае істотную дапамогу сем’ям і асобам, якія ратуюцца ад вайны і разбурэнняў ва Украіне.
Мы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый верым, што канфлікт павінен спыніцца. Мы спадзяемся, што ўсебаковае, справядлівае і моцнае мірнае рашэнне магчымае, каб усе жыхары Украіны, якія жадаюць вярнуцца да дому, змаглі гэта зрабіць як мага хутчэй.