Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі прыняла удзел у пасяджэнні Нацыянальнага савета па ўстойлівым развіцці
18 лістапада 2022
У Мінску адбылося пасяджэнне Нацыянальнага савета па ўстойлівым развіцці
18 лістапада на пасяджэнні Нацыянальнага савета па ўстойлівым развіцці выступіла пастаянны каардынатар ААН у Беларусі.
«Мы бачым, што сітуацыя ў рэгіёне працягвае пагаршацца, - сказала Іаана Казана-Вішнявецкі. - Гэта негатыўна адбіваецца на ўстойлівым развіцці Беларусі і стварае новыя пагрозы для яе эканомікі, навакольнага асяроддзя і людзей. Гэта таксама скасоўвае прагрэс у многіх галінах і ўплывае на пазіцыю краіны ў плане дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця».
Яна дадала, што летась Беларусь займала 24-е месца ў сусветным экспертным індэксе прагрэсу краін у дасягненні МУР, а цяпер займае 34-е месца.
«У кантэксце гэтай зусім новай рэальнасці неабходна абараніць фінансаванне МУР, асабліва аховы здароўя, адукацыі, сацыяльных паслуг, а таксама развіцця прыватнага сектара эканомікі», — падкрэсліла Іаана Казана-Вішнявецкі.
Яна дадала, што краінавая група ААН гатовая дапаўняць гэтыя намаганні не толькі праз агенцтвы, фонды і праграмы ААН, прадстаўленыя ў Беларусі, але і праз свае 13 нерэзідэнтных агенцтваў, такіх як ААН-Жанчыны, ЮНОДК, МСЭ, ФАО ды іншыя, якія рэалізуюць важныя ініцыятывы ў краіне дзеля ўстойлівага развіцця.
Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі акцэнтавала ўвагу на працы Сумеснай праграмы па фінансаванні МУР, якая рэалізуецца ПРААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА і ААН-Жанчыны ды фінансуецца глабальным Аб'яднаным фондам МУР, першыя вынікі чаго былі прадстаўленыя падчас сустрэчы. Згодна з даследаваннем ПРААН, Беларусь працягвае каардынаваць свае нацыянальныя праграмы з задачамі МУР. Маніторынг і справаздачнасць аб выкананні нацыянальных праграм могуць быць дадаткова ўзмоцненыя – напрыклад, шляхам сістэматычнага выкарыстання нацыянальных індыкатараў МУР, распрацаваных Белстатам.