Выступленне Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусi Іааны Казана-Вішнявецкі з нагоды 30-годдзя ААН у Беларусі
Учора мы завяршылі святкаванне Дня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. З гэтай нагоды мы адзначылі 30-годдзе прысутнасці Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.
30 гадоў таму, у 1992 годзе, Генеральны сакратар ААН Бутрас Бутрас-Галі падпісаў рашэнне аб стварэнні прадстаўніцтваў ААН у шэрагу новых незалежных дзяржаў, якія ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюза. Місіяй і мандатам новых прадстаўніцтваў ААН у рэгіёне было аказанне краінам дапамогі ў галіне развіцця ў пераходны перыяд.
Цягам 30 гадоў у сваёй працы мы кіраваліся каштоўнасцямі Статута ААН і прынцыпамі ўстойлівага развіцця і правоў чалавека. Агенцтвы ААН рэалізавалі сотні праектаў у галіне развіцця, правялі тысячы сустрэч і арганізавалі стратэгічныя дыскусіі на вышэйшым узроўні. Да таго ж мы заўсёды засяроджваліся на патрэбах людзей, асабліва найбольш уразлівых, у тым ліку дзяцей і падлеткаў, людзей з інваліднасцю, жанчын, сельскіх населеных пунктаў, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, бежанцаў і мігрантаў, людзей, якія жывуць з ВІЧ, і нарказалежных.
Гэтая праца была б немагчымай без цеснага супрацоўніцтва ўсіх нашых партнёраў: урада, арганізацый грамадзянскай супольнасці, навуковых колаў, прыватнага сектара, а таксама ўсіх міжнародных партнёраў і донараў у галіне развіцця. Мы таксама не змаглі б дасягнуць вынікаў без цудоўных супрацоўнікаў ААН.
Усім вам я выказваю сваю самую шчырую ўдзячнасць і падзяку.
Мы шмат чаго дасягнулі, але многае яшчэ трэба зрабіць.
Складаныя выклікі ва ўсім свеце і ў Беларусі патрабуюць тэрміновых рашэнняў. Нам вельмі патрэбна салідарнасць для пераадолення кліматычнага крызісу, харчовага і энергетычнага крызісу, праблем росту беднасці і няроўнасці, а таксама наступстваў пандэміі COVID-19. Мы таксама павінны падвоіць намаганні, каб пашырыць грамадзянскую прастору і спрыяць удзелу людзей у прыняцці рашэнняў. Дзеля гэтага трэба, каб усе сабраліся разам і засяродзіліся на тым, што нас аб’ядноўвае.
Ніхто сам па сабе не зможа вырашыць глабальныя выклікі самастойна.
Ні ААН, ні ўрад, ні прыватны сектар, ні, безумоўна, міжнародная супольнасць.
Як і раней Арганізацыя Аб'яднаных Нацый будзе працягваць падтрымку рашэнняў для людзей Беларусі. У нас ёсць амбіцыйны парадак дня ў рамках узгодненай Рамачнай праграмы супрацоўніцтва, у цэнтры ўвагі якога зялёны эканамічны рост, патрэбы будучых пакаленняў і моладзі, а таксама садзейнічанне лічбавай трансфармацыі ў мэтах развіцця і інавацыям у сферы сацыяльных паслуг. Апроч таго мы працягваем прасоўваць роўныя магчымасці для жанчын як адзін з паскаральнікаў развіцця.
Я разлічваю на супрацоўніцтва з вамі ўсімі, паколькі Беларусь імкнецца падтрымліваць уражальны ўзровень чалавечага развіцця і роўнасці, дасягнуты за апошнія 30 гадоў незалежнасці.