Беларусь арганізуе міжнародную вучэбную паездку для азнаямлення спецыялістаў з Казахстана і Таджыкістана з падыходамі да лячэння наркатычнай залежнасці
14 верасня 2022
- З 12 верасня 2022 года Аб'яднаная каманда ААН па ВІЧ/СНІДу ў Беларусі прымае ўдзельнікаў афіцыйных дэлегацый высокага ўзроўню з Казахстана і Таджыкістана, сярод якіх кіраўнікі дэпартаментаў аховы здароўя, намеснік Міністра ўнутраных спраў, кіраўнікі органаў нагляду за абаротам наркотыкаў і лідары грамадзянскай супольнасці.
Вучэбна-азнаямленчую паездку, арганізаваную паводле просьбы ўрадаў гэтых краін, падтрымала Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ ААН) у цесным супрацоўніцтве з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ).
Мэта візіту - даведацца аб тым, як Беларусь развівае міжсектаральны падыход і міжведамаснае супрацоўніцтва (органаў аховы здароўя, праваахоўных органаў і грамадзян) для забеспячэння навукова абгрунтаванай наркалагічнай дапамогі, у прыватнасці апіоіднай замяшчальнай тэрапіі (АЗТ), а таксама паслуг прафілактыкі ВІЧ і догляду і падтрымкі ВІЧ-інфіцыраваных.
Скарачэнне попыту на наркотыкі, прафілактыка ВІЧ/СНІДу, зніжэнне шкоды здароўю людзей, якія ўжываюць наркотыкі, і іх рэабілітацыя на працягу многіх гадоў застаюцца сукупнымі прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці ААН у Беларусі. У 2021 годзе, упершыню за амаль дзесяцігадовы перыяд, сумеснымі намаганнямі нацыянальных і міжнародных экспертаў рэалізаваная Ацэнка нацыянальнай палітыкі Беларусі ў дачыненні да наркотыкаў.
Комплекснае даследаванне правялі з мэтай вывучэння крыміналагічных і сацыяльна-медыцынскіх фактараў, якія ўплываюць на нацыянальную сітуацыю з наркотыкамі і іх ужываннем, і вылучэння больш эфектыўнай палітыкі ў дачыненні да наркотыкаў, заснаванай на прынцыпах правоў чалавека. Высновы і рэкамендацыі даследавання сведчаць аб неабходнасці ўкаранення прапарцыянальных мер рэагавання ў нацыянальнай наркапалітыцы і дыферэнцыяцыі падыходаў у выпадках індывідуальнага захоўвання невялікіх аб'ёмаў наркотыкаў і пакарання за незаконны абарот наркатычных сродкаў у буйным памеры.
Наркатычная залежнасць і іншыя разладжанні, выкліканыя ужываннем наркотыкаў, не з'яўляюцца злачынствам, а апіоідная замяшчальная тэрапія ўяўляе сабой адзін з шэрагу сродкаў, якія дазваляюць людзям жыць больш здаровым і прадуктыўным жыццём.
Пазнаёміцца з вынікамі Ацэнкі нацыянальнай палітыкі Беларусі ў дачыненні да наркотыкаў (на рускай мове) можна на сайце ААН у Беларусі.
У кастрычніку УНЗ ААН арганізуе міжведамасную тэхнічную нараду аб альтэрнатыўных мерах пакарання для асоб, якія ўжываюць наркотыкі, з акцэнтам на праблему ювенальнай юстыцыі. Таксама ў верасні і кастрычніку гэтага года, пры ўдзеле Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя і няўрадавых арганізацый, у Магілёве, Брэсце, Мінску, Гомелі і Гродне пройдуць круглыя сталы ў падтрымку АЗТ.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у д-ра Ягора Волкава, нацыянальнага кансультанта УНЗ ААН yahor.volkau@un.org.