Міжнародны дзень барацьбы з мовай варожасці ўпершыню адзначаецца 18 чэрвеня
Мова варожасці расце і ўзмацняецца
У гэтым годзе мы ўпершыню адзначаем Міжнародны дзень барацьбы з мовай варожасці, уведзены ў ліпені 2021 года паводле рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН A/75/L.115 “Заахвочванне міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу і талерантнасці ў рамках барацьбы з мовай варожасці”.
Вылучэнне мовы варожасці як глабальнай праблемы адбываецца сярод трывожных тэндэнцый росту ксенафобіі, расізму і нецярпімасці, антысемітызму і антыісламізму ў свеце. У 2019 годзе Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прыцягнуў увагу да гэтых з'яў і ініцыяваў Стратэгію і план дзеянняў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый супраць мовы варожасці. Увесь свет бачыць, што сёння гэтыя праблемы працягваюцца і растуць. У стратэгіі прызнаецца, што за апошнія 75 гадоў мова варожасці папярэднічала жорсткім злачынствам, у тым ліку генацыду, у розных месцах ад Руанды да Босніі ці Камбоджы. Мэтай першай агульнасістэмнай палітычнай ініцыятывы ААН, накіраванай на вырашэнне праблемы мовы варожасці, з’яўляецца ўдасканаленне прававой базы для прыняцця мер у адносінах да мовы варожасці, ксенафобіі і дыскрымінацыі і далейшага процідзеяння дыскрымінацыі і няроўнасці.
Адным з галоўных праваабарончых інструментаў у гэтай сферы з'яўляецца Міжнародная канвенцыя ААН аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, дзе ненавісніцкія выказванні расісцкага толку апісваюцца як «форма мовы, арыентаванай на навакольных, якая не прызнае асноўныя прынцыпы годнасці і роўнасці чалавека і імкнецца прыніжаць становішча некаторых асоб ці груп насельніцтва ў вачах грамадства». Канвенцыя была прынятая ў 1965 годзе, але і праз больш за палову стагоддзя мова варожасці застаецца значнай сацыяльнай з'явай, якая разбуральна і працягла ўплывае на мір у сусветным маштабе, на бяспеку і правы чалавека ў свеце.
Разбуральнае ўздзеянне мовы варожасці і нянавісці адчуваецца сёння ва ўсім свеце. Яго маштабы і ўплыў узмацняюцца за кошт новых тэхналогій камунікацыі, глабальных крызісаў накшталт пандэміі і нестабільнасці. Усё больш зразумела, што мова варожасці, у тым ліку ў Інтэрнэце, зрабілася адным з найбольш частых метадаў распаўсюджвання правакацыйнай рыторыкі і ідэалогіі ў глабальным маштабе і пагрозы міру. Небяспечная прапаганда нянавісці і кібербулінг, а таксама сфабрыкаваныя навіны, якія ствараюць вобраз ворага, могуць справакаваць самыя жудасныя злачынствы. Важную ролю ў прадухіленні здзекаў, кібербулінгу і слоўнага гвалту ў Інтэрнэце павінны іграць прыватны сектар, СМІ, інтэрнэт-карпарацыі, рэлігійныя лідары, педагогі.
Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі і мабільны аператар МТС з 2018 года аб'яднаюць намаганні дзеля абароны правоў дзяцей і падлеткаў у Інтэрнэце і барацьбы супраць кібербулінгу.
Згодна з даследаваннем ЮНІСЕФ (2018), у якім удзельнічалі больш за мільён маладых людзей у 160 краінах свету, да 70,6% карыстальнікаў Інтэрнэту ва ўзросце 15-24 гадоў могуць стаць ахвярамі кіберздзеку, пераследу ды іншых пагроз.
У Беларусі Інтэрнэтам карыстаюцца 92,4 % дзяцей ва ўзросце 6-17 гадоў. Каля 18,2% школьнікаў перажылі кібербулінг і яго наступствы.
Дзякуючы сумесным праектам ЮНІСЕФ для павышэння лічбавай пісьменнасці, больш за 12 тысяч дзяцей, падлеткаў, іх бацькоў і настаўнікаў прынялі ўдзел у адукацыйных і інтэрактыўных мерапрыемствах.
Свет не павінен зневажаць свабоду слова і выказвання меркаванняў. Калі гэтая мова выкарыстоўваецца ў мэтах парушэння правоў іншых, у тым ліку падштурхвання да жорсткіх злачынстваў і тэрарыстычных актаў, нямая цішыня немагчымая, бо цішыня тут азначае апатыю або прыняцце. Нават калі мова варожасці не забароненая законам — калі яна не даходзіць да ўзроўню падштурхвання да гвалту, забароненага міжнародным правам, — нельга недаацэньваць яе наступствы.
Каб адзначыць гэты дзень, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый запрашае сваіх партнёраў, урады, групы грамадзянскай супольнасці і ўсіх людзей мабілізаваць намаганні і рэсурсы для рэалізацыі стратэгій выяўлення і барацьбы з мовай нянавісці.
***
Рабочы сшытак аб барацьбе з булінгам для дзяцей і падлеткаў «Як засцерагчы сябе ад здзекаў у інтэрнэце і самому не стаць ненавіснікам» можна спампаваць на вэб-сайце кампаніі МТС.