У Мінску адбылася прэзентацыя Дакладу аб выніках дзейнасці ААН у Беларусі ў 2021 годзе
19 мая 2022 года
У Мінску на пасяджэнні Рады па ўстойлівым развіцці з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, парламента, абласных выканаўчых камітэтаў, адукацыйных, грамадскіх арганізацый, а таксама агенцтваў сістэмы ААН у Беларусі прайшла прэзентацыя Дакладу аб выніках дзейнасці ААН у Рэспубліцы Беларусь у 2021 годзе.
Удзельнікаў прывіталі намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч і Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі.
Кажучы пра прыярытэты дзейнасці ААН у Беларусі ў сферы ўстойлівага развіцця, Пастаянны каардынатар ААН указала на ўзгодненыя доўгатэрміновыя кірункі супрацоўніцтва, такія як пераход да зялёнай эканомікі, магчымасці для моладзі і будучых пакаленняў, падтрымка лічбавых пераўтварэнняў і сацыяльных інавацый, а таксама дасягненне гендарнай роўнасці ў грамадстве з роўнымі магчымасцямі для жанчын і мужчын.
Яна таксама зазначыла важнасць партнёрскіх адносін і ролі арганізацый грамадзянскай супольнасці, многія з якіх былі ліквідаваныя ў 2021 годзе, у забеспячэнні ўстойлівага развіцця ў Беларусі.
Пераход да “зялёнай” эканомікі з мэтай забеспячэння ўсёахопнага і ўстойлівага росту асвятліла ў сваім выступе Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі Аляксандра Салаўёва.
Паводле Аляксандры Салаўёвай, краінавая каманда ААН зрабіла значную працу ў аказанні дапамогі органам дзяржаўнай улады і кіравання ў планаванні і ажыццяўленні дзеянняў супраць змянення клімату, якая дазволіла Беларусі паставіць перад сабой новую мэту скараціць выкіды СО2 на 35 працэнтаў.
У выніку працы агенцтваў ААН на мясцовым узроўні ў сельскай мясцовасці і малых гарадах стартавалі дзясяткі ініцыятыў, якія прыносяць даход і забяспечваюць працоўныя месцы. У тым ліку былі створаныя сацыяльныя прадпрыемствы для людзей з інваліднасцю, распрацаваная інавацыйная Чарнобыльская інвестыцыйная платформа ў мэтах садзейнічання экалагічнаму і ўсёахопнаму інавацыйнаму развіццю ў раёнах, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.
Прыярытэтнымі задачамі 2022 года ў сферы кліматычнай устойлівасці для краінавай групы ААН стануць зніжэнне рызыкі бедстваў у сельскагаспадарчым сектары, абыходжанне з устойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі і ўстойлівае рэгуляванне хімічных і азонаразбуральных рэчываў, а ў галіне інавацый – рэсурсаэфектыўныя і больш экалагічныя тэхналогіі вытворчасці, комплекснае ўжыванне стратэгій экапрамысловых паркаў і выкарыстанне чацвёртай прамысловай рэвалюцыі для развіцця інтэлектуальнай вытворчасці.
У сумесным выступе на тэму "Арыентацыя на будучыя пакаленні: падлеткі і моладзь" Вячаслаў Гранькоў, в.а. Кіраўніка краінавага офіса СААЗ у Беларусі, і Габрыэла Акімава, намеснік Прадстаўніка ЮНІСЕФ у Беларусі, падкрэслілі, што ў 2021 годзе ўстановы ААН засяродзілі ўвагу на аказанні маштабнай дапамогі сістэме аховы здароўя, перш за ўсё ў мэтах змякчэння ўплыву пандэміі COVID-19.
Уклад у распрацоўку дзяржаўных праграм у галіне аховы здароўя і дэмаграфічнай бяспекі на 2021-2025 гады быў вельмі важным, як і садзейнічанне ў ацэнцы сацыяльна-эканамічнага ўздзеяння пандэміі COVID-19 на сем'і з дзецьмі. Апроч таго, ААН аказала падтрымку ў развіцці нацыянальнай сістэмы дапамогі дзецям малодшага ўзросту і ўмацаванні сістэм абароны дзяцей, інклюзіўнай адукацыі і заахвочвання адказнага выконвання бацькоўскіх абавязкаў.
У сферы лічбавых трансфармацый і сацыяльных інавацый каманда ААН у Беларусі ўнесла ўклад у распрацоўку цэлага шэрага дырэктыўных дакументаў адносна "разумных" гарадоў, планаў зялёнага гарадскога развіцця і дзяржаўнай праграмы лічбавага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады, як адзначыў у сваім выступе Ральф Хейнрыч, супрацоўнік па эканамічных пытаннях аддзела эканамічнага супрацоўніцтва і гандлю ЕЭК ААН.
У якасці некаторых прыярытэтаў дзейнасці краінавай групы ААН у 2022 годзе разглядаюцца спрашчэнне працэдур лічбавага гандлю, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, звязанае з устойлівай інфраструктурай, экалагічнае гарадское развіццё ў малых і сярэдніх гарадах, анлайн-бяспека і інфармацыйная бяспека ў адукацыйнай кіберпрасторы для дзяцей і настаўнікаў, а таксама скарачэнне лічбавай гендарнай няроўнасці.
Кіраўнік офіса ЮНФПА ў Беларусі Вольга Атрошчанка расказала аб выніках работы, праведзенай ААН у Беларусі дзеля дасягнення гендарнай роўнасці ў грамадстве.
Сярод іх: удзел у падрыхтоўцы Нацыянальнага плана дзеянняў для забеспячэння гендарнай роўнасці; запуск Партала гендарнай статыстыцы; прадстаўленне Канцэпцыі стварэння спрыяльнага карпаратыўнага асяроддзя для бацькоў, якія працуюць, і гендарнай роўнасці; распрацоўка праекта Нацыянальнай інфармацыйнай стратэгіі актыўнага даўгалецця для людзей старэйшага ўзросту 65+; правядзенне даследавання аб ролі бацькі ў беларускіх сем'ях і распрацоўка Канцэпцыі прасоўвання актыўнага бацькоўства ў Беларусі, уключаючы сацыяльныя і эканамічныя бонусы прыцягнення мужчын да хатняй працы.
Аб рэагаванні на сітуацыю з бежанцамі і мігрантамі ў Беларусі расказалі ў сваім выступе Махым Аразмухамедава, Кіраўнік Прадстаўніцтва МАМ у Беларусі, і Цімафей Саладкоў, Саветнік па прававых пытаннях Прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі.
У 2021 годзе краінавая група ААН аказала неадкладную гуманітарную дапамогу ў памеры больш за 1 500 000 долараў ЗША мігрантам у прыгранічнай зоне, каб падтрымаць добраахвотнае вяртанне тых, хто вырашыў вярнуцца дадому, а таксама аказаць дапамогу асобам, якія захацелі падаць заявы на атрыманне прытулку ў Беларусі.
Сёння ААН аказвае падтрымку мер рэагавання на сітуацыю, звязаную з бежанцамі з Украіны, узаемадзейнічае з дзяржаўнымі органамі і іншымі ўцягнутымі арганізацыямі (напрыклад, Беларускі Чырвоны Крыж).
Стратэгічныя прыярытэты Рамачнай праграмы супрацоўніцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Рэспублікі Беларусь у галіне ўстойлівага развіцця на 2021-2025 гады будуць накіроўваць дзейнасць Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у 2022 годзе. Гэтая праца ў кантэксце пандэміі COVID-19, якая яшчэ не скончылася, і наступстваў вайны ва Украіне будзе накіраваная на падтрымку краіны ў пераадоленні разнастайных наступстваў вышэйзгаданых падзей. Найважнейшымі прыярытэтамі дзейнасці ААН у Беларусі стануць:
• дасягненне глабальных мэтаў і дапамога партнёрам у пераадоленні трайнога планетарнага крызісу;
• засяроджванне ўвагі на актуальных для Беларусі паскаральніках дасягнення ЦУР;
• ажыццяўленне прынцыпу "нікога не пакінуць убаку".