Вайна ва Украіне: скрыты замах на краіны свету ў стадыі развіцця
Артыкул Генеральнага Сакратара ААН аб Групе рэагавання на глабальны крызіс
Для народа Украіны расійскае ўварванне - гэта кашмар наяве, гэта гуманітарная катастрофа жахлівых маштабаў.
У той жа час гэта вайна хутка ператвараецца ў пытанне жыцця і смерці для ўразлівага насельніцтва ўсяго свету.
Мы ўсе бачылі трагедыю, якая разгортваецца ўнутры Украіны: зраўнаваныя з зямлёй гарады, людзі, якія пакутуюць і гінуць у сябе дома і на вуліцы, крызісная сітуацыя з перамешчанымі асобамі ў Еўропе, якая разрастаецца самымі хуткімі з часоў Другой сусветнай вайны тэмпамі.
Але і за межамі Украіны, далёка ад цэнтру ўвагі сродкаў масавай інфармацыі, вайна распачала скрыты наступ на тую частку свету, якая знаходзіцца ў стадыі развіцця. Гэты крызіс можа ўкінуць амаль 1,7 мільярдаў чалавек - гэта больш за пятую частку чалавецтва - у галечу, беднасць, голад у маштабах, якіх свет не бачыў дзесяцігоддзямі.
Украіна і Расійская Федэрацыя пастаўляюць 30 працэнтаў сусветнага аб'ёму пшаніцы і ячменю, пятую частку кукурузы і больш за палову сланечнікавага алею. Збожжавымі з гэтых дзвюх краін корміцца самае беднае і ўразлівае насельніцтва: адтуль паступае больш за трэць пшаніцы, якую імпартуе 45 афрыканскіх і найменш развітых краін.
Пры гэтым Расія з'яўляецца найбуйнейшым у свеце экспарцёрам прыроднага газу і другім па велічыні экспарцёрам нафты.
Але вайна не дае сялянам даглядаць свае пасевы, з-за яе зачыняюцца парты, спыняецца экспарт збожжа, парушаюцца ланцужкі паставак і рэзка ўзлятаюць кошты.
Шматлікія краіны ў стадыі развіцця ўсё яшчэ змагаюцца з наступствамі пандэміі COVID-19 у спалучэнні з даўгавым цяжарам мінулых гадоў і інфляцыяй, якая імкліва ўзнімаецца.
Ад пачатку 2022 года кошты на пшаніцу і кукурузу павялічыліся на 30 працэнтаў.
Кошты на нафту Brent выраслі за апошні год больш чым на 60 працэнтаў, а кошты на прыродны газ і ўгнаенні - больш чым удвая.
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый у сваёй дзейнасці па выратаванні чалавечых жыццяў сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі. Сусветная харчовая праграма (СХП) папярэдзіла, што апынулася перад немагчымым выбарам забіраць у галодных, каб накарміць згаладалых. Тэрмінова патрэбныя восем мільярдаў долараў для падтрымкі аперацый СХП у Емене, Чадзе і Нігеры.
У некаторых краінах уразлівасць ператвараецца ў крызіс і сур’ёзныя сацыяльныя хваляванні. А мы ведаем, што карані шматлікіх канфліктаў крыюцца ў галечы, няроўнасці, слабай развітасці і безнадзейнасці.
Але ў той самы час, калі значная частка планеты рашуча выказала салідарнасць з народам Украіны, няма прыкмет таго, што раўную падтрымку атрымаюць 1,7 мільярда іншых патэнцыйных ахвяр гэтай вайны.
На нас ляжыць выразны маральны абавязак падтрымаць іх, дзе б яны не знаходзіліся.
Задача Групы рэагавання на глабальны крызіс у галіне харчавання, энергетыкі і фінансаў, якую я заснаваў у мінулым месяцы, выпрацоўваць скаардынаваныя рашэнні для гэтых узаемазвязаных праяў крызісу разам з урадамі, міжнароднымі фінансавымі ўстановамі ды іншымі ключавымі партнёрамі. Я дзякую глабальным лідарам ва ўсіх сектарах, якія падтрымліваюць гэту ініцыятыву.
Што да харчавання, мы настойліва заклікаем усе краіны трымаць рынкі адкрытымі, устрымлівацца ад назапашвання і ад неапраўданых і непатрэбных экспартных абмежаванняў і аддаваць рэзервы ў распараджэнне краін, якія падвяргаюцца найбольшай рызыцы голаду, у тым ліку вострага.
Цяперашні час не для пратэкцыянізму. Свет мае дастаткова харчавання, каб кожная краіна змагла перажыць гэты крызіс, калі мы будзем дзейнічаць разам.
Гуманітарныя заклікі, у тым ліку да Сусветнай харчовай праграмы, павінны атрымаць фінансаванне ў поўным аб’ёме. Мы проста не можам дазволіць, каб у XXI стагоддзі людзі галадалі.
Што да энергетыкі, то ў кароткатэрміновай перспектыве змякчэнню гэтага энергетычнага крызісу здольнае дапамагчы выкарыстанне стратэгічных запасаў і дадатковых рэзерваў.
Аднак адзіным сярэдне і доўгатэрміновым рашэннем з'яўляецца паскоранае укараненне аднаўляльнай энергетыкі, на якую не ўплываюць рынкавыя ваганні. Гэта дазволіць паступова адмовіцца ад вугалю і ўсіх іншых відаў выкапнёвага паліва.
Што да фінансаў, то Група дваццаці і міжнародныя фінансавыя ўстановы павінны перайсці ў рэжым надзвычайнай сітуацыі. Ім неабходна знайсці спосабы павялічыць ліквіднасць і фіскальную прастору, каб урады краін у стадыі развіцця змаглі інвеставаць у самыя бедныя і ўразлівыя пласты насельніцтва, а таксама ў дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця.
Гэта павінен быць першы крок да глыбокіх рэформаў нашай несправядлівай глабальнай фінансавай сістэмы, якая робіць багатых багацей, а бедных бядней.
Сацыяльная абарона, у тым ліку грашовыя пераводы, будзе мець істотнае значэнне для падтрымкі сем'яў у адчаі на працягу гэтага крызісу.
Але шматлікія краіны ў стадыі развіцця з буйной знешняй запазычанасцю не маюць ліквіднасці, каб наладзіць гэтыя "страховачныя сеткі". Мы не можам стаяць у баку і назіраць, як яны вымушаны абіраць паміж інвеставаннем у сваё насельніцтва і абслугоўваннем сваёй запазычанасці.
Адзіным рашэннем гэтай праблемы, створанай вайной на Украіне і замахам гэтай вайны на самае беднае і ўразлівае насельніцтва планеты, з'яўляецца мір.
Ва ўмовах, калі Арганізацыя Аб'яднаных Нацый працуе над аказаннем падтрымкі нявінным ахвярам гэтай вайны на Украіне і за яе межамі, мы заклікаем сусветную супольнасць аднадушна падтрымаць наш заклік да міру.
Гэта вайна павінна быць спыненай неадкладна.