Рызыка COVID-19 застаецца высокай ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі з прыходам варыянту "амікрон"
На сёння па ўсяму Еўрапейскаму рэгіёну зарэгістравана больш за 165 мільёнаў выпадкаў COVID-19.
Каронавірус, ад якога ўжо памерлі 1,8 мільёнаў чалавек, з якіх 25 тысяч толькі на мінулым тыдні, застаецца смяротным захворваннем. Сістэмы аховы здароўя адчуваюць усё большую нагрузку і не ў апошнюю чаргу з-за таго, што захворванне сярод медыцынскіх работнікаў таксама расце: колькасць выпадкаў вырасла з 30 тысяч у канцы мінулага года да 50 тысяч праз месяц. На фоне павелічэння патрэбнасцей у медыцынскай дапамозе зменшылася колькасць персаналу, які можа гэтую дапамогу аказваць, і значна ўзрасла рызыка перадачы інфекцыі ў медыцынскіх установах, што яшчэ больш ускладняе бягучую сітуацыю.
Сёння наша увага засяроджана на ўсходняй частцы Еўрапейскага рэгіёну СААЗ. Цягам апошніх двух тыдняў у шасці краінах гэтай часткі рэгіёна (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Расійская Федэрацыя і Украіна) колькасць выпадкаў COVID-19 вырасла больш чым удвая. Як і чакалася, хваля "амікрону" рухаецца на ўсход: у дзесяці дзяржавах ва ўсходняй частцы рэгіёну ўжо выяўлены гэты варыянт.
Вакцынацыя па-ранейшаму застаецца лепшым сродкам абароны ад цяжкага ходу захворвання і выкліканай ім смерці для ўсіх варыянтаў віруса COVID-19, якія цыркулююць у цяперашні час. Пры гэтым занадта шмат людзей з групы падвышанай рызыкі застаюцца неабароненымі: менш чым 40 працэнтаў асоб старэйшых за 60 гадоў у Босніі і Герцагавіне, Балгарыі, Кыргызстане, Узбекістане і Украіне прайшлі поўны курс вакцынацыі супраць COVID-19. Балгарыя, Грузія і Паўночная Македонія таксама ўваходзяць у колькасць краін, дзе менш за 40 працэнтаў медработнікаў атрымалі хаця б адну дозу вакцыны супраць COVID-19.
Я заклікаю ўрады краін, установы аховы здароўя і адпаведных партнёраў уважліва прааналізаваць прычыны нізкага попыту на вакцыны і іх непрызнанне насельніцтвам на мясцовым узроўні, і распрацаваць меры, адаптаваныя да мясцовых патрэбнасцей, каб у тэрміновым парадку падняць узроўні вакцынацыі, зыходзячы з даных аб асаблівасцях мясцовых умоў.
Гэта трывожная сітуацыя, калі мы сутыкнуліся з велічэзнай хваляй «амікрону», калі варыянт «дэльта» па-ранейшаму шырока цыркулюе ва ўсходняй частцы рэгіёна, не той момант, каб адмяняць меры, якія, як мы добра ведаем, эфектыўна працуюць у плане скарачэння распаўсюджвання COVID-19. Да іх, у тым ліку, адносяцца наступныя меры: пазбягаць закрытай прасторы, цесных памяшканняў і натоўпаў; насіць маску, калі вы знаходзіцеся ў адным памяшканні з іншымі людзьмі; калі можна, палепшыць вентыляцыю памяшканняў; карыстацца экспрэс-тэстамі з мэтай ранняга выяўлення інфекцыі; забяспечыць дастатковую гатоўнасць сістэм аховы здароўя да забеспячэння навукова абгрунтаваных метадаў лячэння, якія, як нам цяпер вядома, здольныя скараціць колькасць цяжкіх выпадкаў захворвання і выкліканых ім смерцяў.
У той жа час, зазіраючы ў будучыню, я хачу зноў сказаць аб тым, што з’явілася надзея. Хаця мы не можам прадказаць, якія новыя варыянты віруса ўзнікнуць у далейшым, некалькі фактараў працуюць нам на карысць. Да іх адносяцца высокія ўзроўні імунітэту праз перанесенае захворванне або, што больш пераважна, праз вакцынацыю; заканчэнне зімовага сезону, калі ўсё менш людзей будзе бавіць час разам у закрытых памяшканнях, а таксама менш цяжкі ход захворвання, выкліканага «амікронам» у асоб, якія атрымалі поўны курс вакцынацыі.
Мы павінны скарыстацца гэтым часовым зацішшам, каб поўнасцю ўзяць пад кантроль інфекцыю COVID-19 і завяршыць вострую фазу пандэміі шляхам:
- максімальнага ахопу насельніцтва прышчэпкамі з асаблівай увагай да тых груп, дзе ўзровень выкарыстання вакцын застаецца нізкім; у спалучэнні з абменам вакцын паміж краінамі;
- дапамогі людзям у звядзенні да мінімуму рызыкі для іх саміх і для навакольных людзей, шляхам частага саматэставання, забеспячэння фінансавай ды іншай падтрымкі людзей, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, нашэння масак пры кантакце з іншымі людзьмі ў памяшканнях;
- Пашырэння ва ўсіх краінах доступу да эфектыўных супрацьвірусных прэпаратаў ды іншых навукова-абгрунтаваных метадах лячэння;
- Падтрымка сістэм аховы здароўя ў скарачэнні адставанняў у аказанні лячэбнай дапамогі насельніцтву, якія ўзнікаюць у выніку пандэміі, а таксама ў планаванні далейшых мер у сувязі з прагрэсіруючым цяжарам зацяжной інфекцыі COVID-19.
Гэты найважнейшыя меры дастасавальныя як для ўсходняй, так і для заходняй часткі рэгіёну.
У завяршэнне дазвольце сказаць некалькі слоў аб дакладзе, прэзентацыя якога адбудзецца сёння, у Міжнародны дзень барацьбы супраць дзіцячага раку. У гэтым дакладзе разглядаецца праблема няроўнасці ў сферы дыягностыкі і лячэння дзіцячага раку. Станоўчы момант заключаецца ў тым, што да дзевяноста працэнтаў выпадкаў дзіцячага раку могуць быць вылечаны. У той жа час у некаторых краінах паказчыкі выжывальнасці анкахворых дзяцей дасягаюць усяго толькі дваццаці працэнтаў. Гэтыя няроўнасці яшчэ больш пагаршаюцца на наступных этапах жыцця, паколькі дыягназ «рак» негатыўна адбіваецца на магчымасцях і будучыні гэтых дзяцей і іх сем'яў.
Адным з найбольш жудасных наступстваў цяперашняй пандэміі стала тое нераўнамернае негатыўнае ўздзеянне, якое яна аказала на тых, хто і раней знаходзіўся ў неспрыяльным становішчы. Калі мы зможам забяспечыць, каб сістэмы аховы здароўя маглі зноў надаваць належную ўвагу аказанню анкалагічнай дапамогі, мы зможам разарваць заганнае кола, якое руйнуе будучыню дзяцей, да якіх лёс ужо быў такі несправядлівы.