У Беларусі прэзентавалі вынікі даследавання, праведзенага з мэтай распрацоўкі рэкамендацый для паляпшэння нацыянальнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне наркотыкаў і яе прымянення з медыцынскага і юрыдычнага пунктаў погляду.
09 лютага 2022
Комплекснае даследаванне правялі з мэтай ацаніць крыміналагічныя і сацыяльна-медыцынскія фактары, якія ўплываюць на наркасітуацыю на нацыянальным узроўні, а таксама распрацаваць шэраг эфектыўных падыходаў да прагназавання і планавання найбольш эфектыўных мер у адказ на праблемы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.
Падрыхтаваны прагноз развіцця наркасітуацыі ў Беларусі дазволіць вызначыць перспектыўныя напрамкі фарміравання і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы супрацьдзеяння распаўсюджванню і незаконнаму абароту наркотыкаў.
Каманда нацыянальных і міжнародных экспертаў зрабіла агляд нацыянальнага і міжнароднага наркатычнага заканадаўства і практыкі наркакантролю, нацыянальнай статыстыкі крымінальнага правасуддзя, разгледзела адкрытыя крыніцы і выданні для службовага карыстання ў галіне наркакантролю, прымянення наркатычнага заканадаўства, расследавання і прафілактыкі правапарушэнняў і правоў чалавека.
Некаторыя рэкамендацыі даследавання:
- Гарманізаваць заканадаўства аб наркотыках у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, каб забяспечыць збалансаваны і прапарцыянальны падыход у дачыненні да парушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў;
- Перагледзець працэдуру наркалагічнага ўліку з магчымасцю яе далейшай адмены. Любая форма рэгістрацыі кліентаў/пацыентаў патрэбна толькі для мэтаў аховы асабістага і/або грамадскага здароўя, павінна садзейнічаць кантролю і ацэнцы дасягненняў і адпавядаць агульным стандартам захавання канфідэнцыяльнасці. Перагледзець любыя формы прымусу да медыцынскага абследавання і лячэння;
- Укараніць комплексны падыход да лячэння расстройстваў, выкліканых ужываннем псіхаактыўных рэчываў. У гэты падыход ўваходзіць распрацоўка і прыняцце агульных стандартаў і механізмаў правядзення скрынінгу і ацэнак, распрацоўка плана лячэння, а таксама маніторынг і ацэнка паляпшэнняў;
- Забяспечыць комплексны пакет паслуг прафілактыкі ВІЧ, віруснага гепатыту С і туберкулёзу, уключаючы замяшчальную тэрапію, у месцах заключэння;
- Прыцягнуць да планавання, распрацоўкі, рэалізацыі і наступнай ацэнкі практыкі наркакантролю прадстаўнікоў ключавых груп насельніцтва, іх сем'яў, адвакатаў-праваабаронцаў, медыкаў, сацыяльных работнікаў, нацыянальных і міжнародных незалежных даследчыкаў і гендарных экспертаў.
Даследаванне падрыхтаванае пры падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.