У цэнтры ўвагі Рады па ўстойлівым развіцці права жанчын
Савет па ўстойлівым развіцці абмеркаваў справаздачу аб выкананні Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын
Сёння ў Мінску прадстаўнікі Урада і агенцтваў сістэмы ААН прынялі ўдзел у паседжанні Рады па ўстойлівым развіцці, каб абмеркаваць праект дзявятага перыядычнага даклада Рэспублікі Беларусь аб выкананні на нацыянальным узроўні Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.
Намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч і Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі звярнуліся да Рады з прывітальным словам.
Выкараненне дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын з’яўляецца адным са стратэгічных прыярытэтаў дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гендарная няроўнасць, якае расце ў выніку ўздзеяння пандэміі COVID-19, эканамічнага крызісу, крызісу бяспекі і стыхійных бедстваў, пагаршае сітуацыю з правамі жанчын у свеце.
У сваім выступе на паседжанні Рады Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі зазначыла, што гендарная роўнасць у грамадстве – гэта адзін з чатырох прыярытэтаў узгодненай Рамачнай праграмы супрацоўніцтва ААН і Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады.
Іаана Казана-Вішнявецкі падкрэсліла, што ў Глабальным індэксе гендарнага разрыву Беларусь займае 36 пазіцыю сярод 146 краін і дасягнула значнага прагрэсу ў галіне гендарнай роўнасці.
Краінавая група ААН вітае ініцыятывы Беларусі, накіраваныя на барацьбу з хатнім гвалтам і гандлем людзьмі, на прасоўванне гендарнай роўнасці і іншых праў жанчын, замацаваных у Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, а таксама паляпшэнні ў плане павелічэння даступнасці даных з разбіўкай па полу.
Каб дасягнуць поўнай гендарнай роўнасці ў грамадстве ААН заклікае засяродзіцца на чатырох стратэгічных прыярытэтных напрамках. Пашырэнне эканамічных магчымасцяў жанчын, роўнае размеркаванне сямейных і бацькоўскіх абавязкаў, умацаванне сістэмы супрацьдзеяння гендарнаму гвалту і барацьба з гендарнымі стэрэатыпамі – гэтыя змены паскораць дасягненне роўнасці ў Беларусі.
“Гэтых мэтаў можна дасягнуць, калі знішчыць шэраг сістэмных прабелаў, якія перашкаджаюць далейшаму прасоўванню гендарнай роўнасці ў Беларусі. Адсутнасць спецыяльнага заканадаўства аб хатнім гвалце, адсутнасць юрыдычна замацаванага акрэслення дыскрымінацыі; цяжкасці правапрымянення законаў і падзаконных актаў; адносна слабы патэнцыял існуючых арганізацый, якія займаюцца пытаннямі гендарнай роўнасці, адносяцца да прыярытэтных задач”, заўважыла Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі.
Пастаянны каардынатар ААН таксама дадала, што працяглая адсутнасць АГС і жанчын-актывістак, якія спецыялізуюцца ў галіне правоў жанчын, стварае значную нястачу патэнцыялу для задавальнення патрэб уразлівых жанчын і сем’яў. Агенцтвы ААН дзейнічаюць як ключавыя партнёры, якія падтрымліваюць рэалізацыю Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Беларусі на 2021-2025 гады.
Сістэма ААН у Беларусі рэалізуе шэраг праектаў, накіраваных на ўкараненне гендарна-арыентаванага бюджэтавання, і садзейнічае збору дэзагрэгаваных даных аб гендарным уздзеянні нацыянальных праграм і стратэгій. У праграмах асаблівая ўвага надаецца патрэбам пажылых жанчын і мужчын старэйшых за 65 гадоў. Кансультаванне ў стратэгічных пытаннях і падтрымка ва ўмацаванні патэнцыялу даецца арганізацыям, якія займаюцца праблемай гендарнага гвалту.
У сваім выступе Кіраўнік офіса ЮНФПА ў Беларусі Вольга Атрошчанка закранула праблемы існавання ў грамадстве гендарных стэрэатыпаў, якія не дазваляюць мужчынам у поўнай меры клапаціцца аб сям’і і дзецях.
Яна таксама падкрэсліла важнасць крызісных цэнтраў для людзей, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах, аднак за апошнія два гады спектр паслуг прафілактыкі хатняга гвалту і дапамогі ахвярам гвалту знізіўся ў выніку істотнага змяншэння колькасці грамадскіх арганізацый, якія працуюць у гэтым напрамку. На жаль, агульнанацыянальная гарачая лінія, якая цягам доўгіх гадоў забяспечвала бясплатныя кансультацыі ахвярам любых відаў гвалту, таксама перастала працаваць.
Кіраўнік офіса ЮНФПА таксама зазначыла існаванне артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі, якія крыміналізуюць перадачу ВІЧ, і ад іх у першую чаргу пакутуюць менавіта жанчыны. Гэтыя артыкулы прадугледжваюць крымінальны пераслед за перадачу ВІЧ, што часта прыводзіць да маніпуляцый, запужвання і гвалту ў адносінах да ВІЧ-пазітыўных жанчын з боку партнёраў-мужчын. Паводле яе слоў, каб вырашыць праблему патрэбны сістэмны падыход з выкарыстаннем экспертнага патэнцыялу дзяржаўных, грамадскіх і міжнародных арганізацый.
Намеснік Пастаяннага каардынатара ПРААН Армен Марцірасян праінфармаваў членаў Рады аб рэалізацыі праекта ў падтрымку Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года і Парадку дня - 2030.
Праект, які фінансуецца Расійскай Федэрацыяй, з агульным бюджэтам у тры мільёны долараў ЗША, рэалізуецца сумесна з Праграмай развіцця ААН, Дзіцячым фондам ААН, Фондам ААН у галіне народанасельніцтва, Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
У супрацоўніцтве з Міністэрствам эканомікі праект дапаможа аблвыканкамам і мясцовым суполкам распрацаваць стратэгіі ўстойлівага развіцця. Апрача таго, будуць распрацаваныя і рэалізаваныя адукацыйныя праграмы ў галіне ўстойлівага развіцця і інфармацыйная кампанія ў падтрымку прынцыпаў і ідэй устойлівага развіцця на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях.
Рада па ўстойлівым развіцці пад кіраўніцтвам Нацыянальнага каардынатара па дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця з’яўляецца кансультатыўным органам, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў 38 дзяржаўных арганізацый, парламенцкай групы, недзяржаўных аб’яднанняў і Маладзёвых паслоў ЦУР, а таксама краінавай каманды ААН у Беларусі.