19 мая 2022 года ў Мінску ў ходзе пасяджэння Рады па ўстойлівым развіцці з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, парламента, абласных выканаўчых камітэтаў, адукацыйных, грамадскіх арганізацый, а таксама агенцтваў сістэмы ААН у Беларусі прайшла прэзентацыя Дакладу аб выніках дзейнасці ААН у Рэспубліцы Беларусь у 2021 годзе.
Удзельнікаў прывіталі намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч і Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі.
Як заявіў у сваім звароце сп. Амбразевіч, мэтай сустрэчы была прэзентацыя другога добраахвотнага Нацыянальнага агляду аб выкананні Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які Беларусь падрыхтавала і прадставіць у ліпені 2022 года на Палітычным форуме, прысвечаным пытанням устойлівага развіцця ў Штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.
У сваім звароце сп. Казана-Вішнявецкі падкрэсліла ролю Рады па ўстойлівым развіцці ў якасці ключавога нацыянальнага механізма каардынацыі доўгатэрміновай палітыкі развіцця, накіраванай на дасягненне МУР. Яна таксама прывітала магчымасць для Краінавай групы ААН прадставіць штогадовы Даклад аб выніках дзейнасці ААН у Рэспубліцы Беларусь у 2021 годзе.
Пастаянны каардынатар ААН прыцягнула ўвагу прысутных да ўплыву глабальнай пандэміі COVID-19 і вайны ва Украіне. Яна зазначыла намаганні Генеральнага сакратара ААН разблакіраваць некаторыя маршруты гандлю харчовымі таварамі і сельскагаспадарчымі ўгнаеннямі, неабходныя для пераадолення глабальнага крызісу ў сферы харчовай бяспекі.
Сп. Казана-Вішнявецкі таксама заклікала Раду па ўстойлівым развіцці ўмацаваць супрацоўніцтва ў вырашэнні глабальнага трайнога планетарнага крызісу ды іншых важных праблем, з якімі сутыкаецца чалавецтва.
«Мы з'яўляемся сведкамі павольнага нарастання трайнога планетарнага крызісу: змяненне клімату, павышэнне ўзроўню мора, шматлікія страты біяразнастайнасці і значны рост праблемы адходаў і забруджвання навакольнага асяроддзя. Рашэнне гэтых задач патрабуе адзінства, супрацоўніцтва і новых амбіцыйных памкненняў, якія перайдуць межы ўзгодненых глабальных мэтаў», - адзначыла сп. Казана-Вішнявецкі.
Кажучы пра прыярытэты дзейнасці ААН у Беларусі ў сферы ўстойлівага развіцця, Пастаянны каардынатар ААН указала на ўзгодненыя доўгатэрміновыя кірункі супрацоўніцтва, такія як пераход да зялёнай эканоміцы, магчымасці для моладзі і будучых пакаленняў, падтрымка лічбавых пераўтварэнняў і сацыяльных інавацый, а таксама дасягненне гендарнай роўнасці ў грамадстве з роўнымі магчымасцямі для жанчын і мужчын.
Яна таксама зазначыла важнасць партнёрскіх адносін і ролі арганізацый грамадзянскай супольнасці, многія з якіх былі ліквідаваныя ў 2021 годзе, у забеспячэнні ўстойлівага развіцця ў Беларусі.
«У гэтым кантэксце нам трэба разумець, што «нікога не пакінуць убаку» - гэта не нейкі абстрактны прынцып. Магчымасць выказвацца і прымаць удзел, павага да разнастайнасці поглядаў і вопыту - вось гэта можа стаць рухаючай сілай прагрэсу ў сучасным грамадстве», - падкрэсліла сп. Казана-Вішнявецкі.
У ходзе пасяджэння Рады па ўстойлівым развіцці адбыўся брыфінг і інтэрактыўная дыскусія з удзелам кіраўнікоў агенцтваў сістэмы ААН і экспертаў аб мерах рэагавання на COVID-19 і яго ўплыве на дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця, а таксама абмеркаванне вынікаў работы агенцтваў сістэмы ААН у Беларусі ў 2021 годзе і прыярытэтных напрамкаў дзейнасці на 2022 год. Для ўдзельнікаў сустрэчы быў прэзентаваны Даклад аб выніках дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі ў 2021 годзе.
Рада па ўстойлівым развіцці з'яўляецца дарадчым і кансультатыўным органам і часткай інстытуцыйнага механізма для дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь.