Рэпартаж з Чарнобыльскай АЭС: гадавіна аварыі, вайна, дапамога МАГАТЭ
У 36-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі свет зноў занепакоены бяспекай атамных электрастанцый.
На працягу 36 дзён пасля 24 лютага ЧАЭС была захопленая расійскімі войскамі, а горад Славуціч, жыхары якога забяспечваюць працу станцыі, акупаваны.
Запарожская АЭС у Энергадары дагэтуль не вызваленая. Станцыя таксама была захопленая з першых дзён уварвання і кантралюецца расійскімі войскамі. «24 лютага, як і ва ўсёй краіне, наша раніца пачалася з кананады, адбываўся бой на пагранзаставе зусім блізка ад нас. Пасля гэтага працаўнікі станцыі пачулі гул вайсковай тэхнікі, а неўзабаве ЧАЭС атачылі танкі расійскай арміі. Улічваючы тое, што ехалі яны не толькі па дарогах, а як давядзецца (па тэрыторыях, забруджаных радыёнуклідамі пасля аварыі 1986 года - рэд.), гусенічная тэхніка падняла пыл, ад гэтага імгненна павысіўся радыёактыўны фон. На станцыі ёсць падраздзяленні аховы, яны спецыялізуюцца на контртэрарыстычнай барацьбе, папярэджанні рознага кшталту парушэнняў і правакацый, але, зразумела, да супрацьстаяння рэгулярнай арміі на танках яны не былі гатовыя. Бо існуюць правілы, якія забараняюць весці баявыя дзеянні на тэрыторыі АЭС», - распавядае старшыня Першаснай прафсаюзнай арганізацыі Чарнобыльскай АЭС Багдан Сярдзюк, які працуе на станцыі ўжо 25 гадоў.
Галоўнай праблемай, паводле слоў працаўніка АЭС, было тое, што ў выніку абстрэлаў былі пашкоджаныя лініі электраперадач і абясточаныя Славуціч і сама АЭС. «Апрача саміх рэактараў і аб'екта «Сховішча» у нас ёсць важнейшы аб’ект - сховішча ядзерных адходаў. ЧАЭС праходзіць працэс зняцця з эксплуатацыі. На АЭС чатыры блокі, адзін разбураны і тры спраўныя. Усё ядзернае паліва з трох блокаў, якія пасля выбуху яшчэ доўга працавалі, выцягнулі і змясцілі ў сховішча ядзерных адходаў. Простымі словамі - гэта стрыжні, яны захоўваюцца ў вадзе; вада цыркулюе і астуджвае іх. У той момант, калі адключылася напружанне, усе хваляваліся, што вада пачне награвацца. Эксперты лічаць, што без цыркуляцыі вада магла б закіпець, а адпрацаванае паліва пачало б плавіцца. Усё гэта магло прывесці да непрадказальных наступстваў!» - тлумачыць Багдан Сярдзюк.
Да таго ж супрацоўнікі станцыі турбаваліся за бяспеку ахоўнага саркафага, пад якім знаходзіцца разбураны рэактар чацвёртага энергаблока і рэшткі ядзерных адходаў. «У выпадку пашкоджання ахоўнай аркі, пад якой саркафаг знаходзіцца, можа падняцца радыёактыўны пыл. І ніхто не ведае, дзе потым выпадуць гэтыя забруджаныя ападкі, у якой краіне. Калісьці гэты аб'ект будаваў фактычна ўвесь свет, і цяпер, у святле апошніх падзей, усе павінны падумаць пра яго бяспеку.
Яшчэ адна праблема ва ўмовах вайны - як персаналу зараз дабірацца на працу. «У мірныя часы працаўнікі станцыі дабіраліся на працу на электрычцы, і гэта займала каля 45 хвілін (са Славуціча, дзе жыве асноўная частка персаналу, на станцыю). Чыгуначныя пуці часткова пралягалі праз Беларусь, і ў сувязі з тым, што гэтыя пуці яшчэ раніцай 24-га былі падарваныя, персанал фактычна апынуўся ў ізаляцыі.
Цяпер супрацоўнікі павінны дабірацца на станцыю амаль праз Кіеў. Выходзіць, што дарога да працы займае каля васьмі гадзін у адзін бок. Таму зараз давядзецца пераходзіць на вахтавы метад, працаваць па тыднях. Але ў выніку ўзнікае наступная праблема - як забяспечыць людзям бытавыя ўмовы? Цяпер яны павінны неяк жыць непасрэдна на станцыі, а гэта не было прадугледжанае, таму што людзі не павінны жыць на атамным аб'екце, гэта шкодна для здароўя.
Сто сем чалавек (працаўнікі ЧАЭС, да якіх «прыбіліся» чатыры сталкеры - нелегальныя турысты - яны ў час уварвання знаходзіліся ў зоне адчужэння і прыбеглі на станцыю прасіць прытулку), ссоўвалі сталы, крэсла і на іх спалі. Але гэта непаўнацэнны адпачынак, узрастае рызыка памылак, а гэта недапушчальна для АЭС. Як раз аб гэтым больш за ўсё хваляваліся ў МАГАТЭ. Тая «нязменная змена», якую цяпер так называюць, правела на станцыі да першай ратацыі каля 600 гадзін замест прызначаных 12, а частка працаўнікоў, якія прыехалі з Чарнігава і не маглі вярнуцца дадому, так больш за 1000 гадзін (амаль 45 сутак)».
Кіраўніцтва ЧАЭС цяпер лічыць, што МАГАТЭ, беручы пад увагу тое, што адбылося на станцыі, павінна распрацаваць новыя пратаколы бяспекі для АЭС усяго свету. Запарожская АЭС у Энергадары дагэтуль знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў.
«Я ведаю, што канструкцыі атамных блокаў павінны вытрымліваць удар, параўнальны па сіле падзенню самалёта. Аднак гэта не тое самае, што абстрэлы, якія адбываліся на Запарожскай АЭС. (Паводле даных НАЭК «Энергаатам», кампаніі-аператара ўсіх дзейных АЭС Украіны, 4-го сакавіка Запарожская АЭС была акупаваная расійскай арміяй). Атамныя электрастанцыі не павінны быць цэлямі для вайсковых, таму што нават частковае разбурэнне можа прывесці да катастрафічных вынікаў для ўсяго свету. Захоп Чарнобыльскай АЭС, абстрэл Запарожскай атамнай электрастанцыі паставілі пытанне аб ядзернай бяспецы не толькі Украіны», - упэўнены працаўнік ЧАЭС.
Многанацыянальны Славуціч забяспечвае працу ЧАЭС
Працу Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі забяспечваюць 2700 чалавек. Большасць жыве ў Славуцічы - горадзе-спадарожніку станцыі, які быў пабудаваны адразу пасля аварыі на ЧАЭС у 50 кіламетрах, як мага далей ад эпіцэнтра катастрофы. Туды перасялілі працаўнікоў АЭС і іх сем’і, а таксама жыхароў горада Прыпяць і ўсёй 30-кіламетровай зоны вакол станцыі, якая падпала пад радыёактыўнае забруджванне. Тут цяпер знаходзіцца офіс ЧАЭС.
Горад быў захоплены расійскімі вайсковымі ў той жа дзень, што і станцыя. Славуціч вярнуўся пад украінскі кантроль 2-га красавіка. «Горад быў цалкам абясточаны. Людзі завозілі дровы, гатавалі ежу на вогнішчы. Як і ўсе астатнія цяпер ва Украіне, Славуціч жыве ўвесь час у рэжыме паветраных трывог, мы бачым, як над намі лятаюць самалёты, ракеты», - расказвае Уладзімір Удавічэнка, які быў нязменным мэрам горада 25 гадоў з часоў яго будавання.
Удавічэнка прыняў прынцыповае рашэнне не эвакуіравацца. Як ён кажа, тое, што адбывалася, шакіравала жыхароў, паколькі Славуціч - многанацыянальны горад. У свае часы ў яго будаванні удзельнічалі архітэктары і будаўнікі з васьмі былых саюзных рэспублік: Літвы, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Азербайджана, Арменіі і Расіі. У горадзе 13 кварталаў: Бакінскі, Белгародскі, Вільнюскі, Дабрынінскі, Ерэванскі, Кіеўскі, Неўскі, Маскоўскі, Рыжскі, Талінскі, Тбіліскі, Чарнігаўскі, Пячэрскі, кожны з іх мае асаблівую архітэктуру, атмасферу і нацыянальны каларыт.
«У нас згодна з апошнім перапісам жывуць 49 нацыянальнасцей і народнасцей, - расказвае Уладзімір Удавічэнка. - У тыя жудасныя дні людзі розных нацыянальнасцей аб’ядналіся, дапамагалі адно аднаму, разам перажылі шмат чаго. За час акупацыі ў Славуцічы нарадзіліся 29 малышоў. У нас цяпер малады мэр, адміністрацыя горада працуе на найвышэйшым узроўні, ім удалося захаваць Славуціч. Сёння жыццё пакрысе ўпарадкоўваецца. Мы ўдзячныя нашым міжнародным партнёрам за гуманітарную дапамогу».
Працаўнікі АЭС пасля катастрофы 1986 года прайшлі праз шмат што і цяпер гатовыя дзяліцца досведам, як дзейнічаць у крытычных сітуацыях. «Працэс вываду ЧАЭС з эксплуатацыі будзе адбывацца мінімум да 2062 года. У далейшым усе АЭС непазбежна пройдуць праз гэта, а мы зможам падзяліцца досведам. Калі здарылася аварыя на Фукусіме, японцы таксама прыязджалі да нас за кансультацыямі і парадамі», - расказвае першы мэр горада.
«У нас у Славуцічы ёсць традыцыя. Кожны год у ноч з 25 на 26 красавіка, у тыя ж хвіліны, калі адбылася аварыя на ЧАЭС, мы збіраемся каля нашай стэлы чарнобыльцам. Мы моўчкі шануем памяць тых, хто першымі прыняў той бой, абараніў Украіну і ўвесь свет ад далейшых страшных наступстваў аварыі. І сёння мы гэтую традыцыю не парушым. Мы не можам дапусціць, каб падобная трагедыя паўтарылася. Тое, што адбывалася на ЧАЭС і працягваецца цяпер у Энергадары, недапушчальна. Гэта трэба спыніць і падумаць зараз аб тым, што можна зрабіць для ўзмацнення бяспекі АЭС. Чакаем, што да нас далучацца эксперты МАГАТЭ».
Місія МАГАТЭ
Місію экспертаў на Чарнобыльскую атамную электрастанцыю ўзначаліў Генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Марыяна Гросі. Група спецыялістаў МАГАТЭ павінна даставіць абсталяванне і правесці радыёлагічныя ды іншыя ацэнкі на аб'екце, які расійскія сілы утрымлівалі на працягу пяці нядзель.
«Прысутнасць МАГАТЭ ў Чарнобылі будзе мець першараднае значэнне для нашай дзейнасці ў падтрымцы Украіны, паколькі яна імкнецца аднавіць рэгуляванне і кантроль над АЭС і забяспечыць яе бяспечную і надзейную эксплуатацыю. У далейшым будуць арганізаваныя дадатковыя місіі МАГАТЭ на гэты і іншыя ядзерныя аб’екты ва Украіне», - сказаў Рафаэль Марыяна Гросі.
З самага пачатку вайны МАГАТЭ выказвала сур'ёзную занепакоенасць пытаннямі бяспекі и захаванасці ўкраінскіх ядзерных аб'ектаў. Паводле Гросі, павінны быць забяспечаныя і фізічная недатыкальнасць АЭС, магчымасць персаналу працаваць без празмернага націску, і доступ да знешніх крыніц сілкавання. Гэтыя правілы на працягу апошніх двух месяцаў сур’ёзна парушаліся. У сакавіку з Чарнобыльскай АЭС сувязь была страчаная. Станцыя засталася без знешняга электразабеспячэння, некалькі дзён давялося карыстацца аварыйнымі дызель-генератарамі.
Падчас сваёй першай місіі ў Чарнобыль МАГАТЭ забяспечыць розныя тыпы абсталявання для радыяцыйнага кантролю, у тым ліку прылады ідэнтыфікацыі радыёнуклідаў і вымяральнікі магутнасці дозы гама-выпрамянення. Таксама будуць дастаўленыя сродкі індывідуальнай абароны. Апроч таго спецыялісты МАГАТЭ адрамантуюць устаноўленыя на аб'екце сістэмы дыстанцыйнага кантролю даных, які былі выведзеныя са строю акупантамі, у выніку чаго штаб-кватэра Агенцтва ў Вене не змагла атрымоўваць анлайн-даныя з ЧАЭС