Заява ЮНФПА, ЮНІСЕФ і СААЗ аб неадкладным спыненні ўсіх нападаў на сістэму аховы здароўя ва Украіне
14 сакавіка 2022
Сёння мы заклікаем да неадкладнага спынення ўсіх удараў па структурах аховы здароўя ва Украіне.
Гэтыя жахлівыя напады прыводзяць да масавых смерцяў, цяжкіх траўмаў пацыентаў і медыцынскіх работнікаў, разбураюць жыццёва важную інфраструктуру аховы здароўя і прымушаюць тысячы людзей адмаўляцца ад доступу да медыцынскіх паслуг, нягледзячы на жыццёвую неабходнасць.
Нападаць на найбольш уразлівых - на немаўлят, дзяцей, цяжарных жанчын і людзей, якія пакутуюць ад хвароб і немачы, а таксама на медыцынскіх работнікаў, якія рызыкуюць уласным жыццём дзеля выратавання жыццяў - гэта акт абуральнай жорсткасці.
Ва Украіне з пачатку вайны праз Сістэму назірання СААЗ за нападамі на арганізацыі сістэмы аховы здароўя (Сістэма назірання СААЗ за фактамі нападаў на структуры аховы здароўя (СНН)) задакументаваны 31 выпадак нападаў на сістэму. Паводле гэтых паведамленняў у 24 выпадках былі пашкоджаны або знішчаны медыцынскія ўстановы, у пяці выпадках - пашкоджаны або знішчаны машыны хуткай дапамогі. У выніку гэтых нападаў не менш за 12 чалавек загінулі і 34 атрымалі раненні, а таксама людзі пазбавіліся доступу да асноўных медыцынскіх паслуг. СААЗ праводзіць праверку новых звестак, паколькі паведамленні аб нападах па-ранейшаму прыходзяць, нягледзячы на заклікі да абароны сістэмы аховы здароўя.
Напады на структуры аховы здароўя і медыцынскіх работнікаў непасрэдна адбіваюцца на магчымасці людзей атрымліваць жыццёва неабходныя паслугі аховы здароўя, асабліва гэта важна для жанчын, дзяцей ды іншых уразлівых груп. Мы ўжо бачым, што патрэбы ў медыцынскай дапамозе цяжарных жанчын, маладых мацярэй, дзяцей малодшага ўзросту і людзей старэйшага ўзросту ва Украіне растуць, у той час, калі доступ да паслуг значна абмежаваны сілавымі дзеяннямі.
Напрыклад, з пачатку вайны ва Украіне адбылося больш за 4 300 родаў, і чакаецца, што 80 тысяч украінскіх жанчын народзяць у бліжэйшыя 3 месяцы. Запасы кіслароду і медыкаментаў, у тым ліку для лячэння ўскладненняў цяжарнасці знаходзяцца на небяспечна нізкім узроўні.
Сістэма аховы здароўя ва Украіне відавочна перагружаная, і яе крах будзе катастрофай. Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб гэтага не здарылася.
Міжнароднае гуманітарнае права і міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека павінны строга выконвацца, і абарона грамадзянскага насельніцтва павінна быць нашым галоўным прыярытэтам.
Гуманітарныя партнёры і медыцынскія работнікі павінны мець магчымасць бяспечна выконваць і падтрымліваць бесперапыннае забеспячэнне асноўных медыцынскіх паслуг, у тым ліку імунізацыю супраць COVID-19 і поліяміэліту, уключаючы пастаўку жыццёва важных лекаў для грамадзянскага насельніцтва ва ўсёй Украіне і для бежанцаў, якія накіроўваюцца ў суседнія краіны. Медыцынскія паслугі павінны быць сістэматычна даступныя на памежных пераходах, уключаючы неадкладную дапамогу і працэсы накіравання дзяцей і цяжарных жанчын да вузкіх спецыялістаў.
Вельмі важна, каб гуманітарныя арганізацыі мелі бяспечны і бесперашкодны доступ да УСІХ грамадзян, якія маюць патрэбы ў паслугах, дзе б яны ні знаходзіліся. ЮНІСЕФ, ЮНФПА і СААЗ разам з партнёрамі працуюць над пашырэннем ахопу жыццёва важнай дапамогай і забеспячэннем неадкладных медыцынскіх патрэб. Мы павінны мець магчымасць бяспечна пастаўляць прадметы першай медыцынскай неабходнасці – у тым ліку неабходныя для родадапамогі і дапамогі нованароджаным - у медыцынскія ўстановы, часовыя ўстановы і падземныя сховішчы.
Структуры і паслугі аховы здароўя павінны быць абароненыя ад усіх актаў гвалту і сабатажу. Ва ўмовах пандэміі COVID-19, якая ўжо выклікала велічэзную нагрузку на сістэмы аховы здароўя і медыцынскіх работнікаў, гэтыя напады могуць быць яшчэ больш разбуральнымі для мірнага насельніцтва. Дзеля медыцынскіх работнікаў і ўсіх людзей ва Украіне, якія патрабуюць паслуг па ратаванню жыццяў, напады на ўсю медыцынскую і грамадзянскую інфраструктуру павінны быць спыненыя.
Раз і назаўжды мы заклікаем да неадкладнага спынення агню, у тым ліку бесперашкоднага доступу да гуманітарнай дапамогі для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Мірнае рашэнне аб спыненні вайны ва Украіне магчымае».
Кэтрын Расэл, Выканаўчы дырэктар Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ)
Д-р Наталія Канем, Выканаўчы дырэктар Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА)
Д-р Тэдрас Аданам Гебрэісус, Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ)