СААЗ: надзвычайная гуманітарная дапамога мігрантам у Беларусі
Гуманітарны груз ад ЕРБ СААЗ вагай больш за тону для дапамогі мігрантам на беларуска-польскай мяжы прыбыў у Беларусь.
Гуманітарны груз ад ЕРБ СААЗ для дапамогі мігрантам на беларуска-польскай мяжы прыбыў у Беларусь. Пастаўка ажыццяўляецца па слядах нядаўняй працы тэхнічнай місіі СААЗ і візіту Рэгіянальнага дырэктара СААЗ д-ра Ханса Клюге ў Беларусь.
Дастаўленыя СААЗ модулі стандартызаваныя, яны найчасцей выкарыстоўваюцца для аказання медыцынскай дапамогі ў экстранных сітуацыях. У складзе модуля 75 пазіцый лекавых сродкаў розных груп: антыбактэрыяльныя, гастрапратэктары, гарачкапаніжальныя, гіпатэнзіўныя, проціалергічныя, процісутаргавыя, гарманальныя, супрацьгрыбковыя, бронхарасшыральныя, антысептычныя, вітамінныя ды іншыя.
Усе лекавыя сродкі высакаякасныя і маюць прэкваліфікацыю СААЗ. Медыцынскія модулі складаюцца амаль са 100 пазіцый расходных матэрыялаў і абсталявання: перавязачны матэрыял, медыцынскія інструменты, глюкометры, тэрмометры, атаскопы, танометры і мн. інш.
Атрымальнік з боку Беларусі - Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).
Вячаслаў Гранькоў, в.а. Кіраўніка краінавага офіса СААЗ у Беларусі:
«Гэта толькі першая частка той дапамогі, якую Сусветная арганізацыя аховы здароўя плануе аказваць Беларусі. Мы ўжо замовілі наборы антыгенных экспрэс-тэстаў для дыягностыкі інфекцыі COVID-19, вельмі актуальных ва ўмовах знаходжання ў адным памяшканні вялікай колькасці людзей пры адсутнасці магчымасці фізічнага дыстанцыявання. У бліжэйшы час прыбудуць яшчэ два наборы для кантролю неінфекцыйных захворванняў. Яны прызначаныя для дапамогі на месцах. Падчас працы місіі СААЗ мы дамовіліся, што ў лагістычным цэнтры апроч брыгад хуткай дапамогі будзе працаваць пункт першаснай меддапамогі, дзе ёсць лекар і медсёстры».
Барыс Андрасюк, намеснік Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь:
«Мы радыя кожнай гуманітарнай дапамозе. Гэта знак сяброўства, добрасуседства і добрай волі. Вось чаму хочацца выказаць падзяку рэгіянальнаму бюро і асабіста д-ру Хансу Клюге».
СААЗ працягвае дапамагаць мігрантам на беларуска-польскай мяжы. Пяць тысяч экспрэс-тэстаў для вызначэння антыгенаў віруса COVID-19 закупілі і перадалі Міністэрству аховы здароўя. Тэсты будуць важнай падтрымкай мер хуткай медыцынскай дапамогі мігрантам - дазволяць праводзіць своечасовую і хуткую дыягностыку каронавіруснай інфекцыі, а таксама неабходныя прафілактычныя меры адносна яе распаўсюджання.
Нагадаем, што ў снежні 2021 года , каб дапамагчы забяспечыць медыцынскія запатрабаванні мігрантаў, якія знаходзіліся бліз дзяржаўнай мяжы, пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі ў Беларусь дастаўлены дадатковы гуманітарны груз на суму 25 тысяч долараў ЗША.
У складзе гэтага грузу два камплекты асноўнага модуля NCDK 2016 з медыкаментамі, расходнымі матэрыяламі, медыцынскімі таварамі і абсталяваннем, якія маюць прэкваліфікацыю СААЗ. Гэта 48 каробак вагай 897 кілаграмаў для аказання дапамогі пры найбольш распаўсюджаных неінфекцыйных захворваннях (цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертанія, лёгачныя захворванні ды інш.). Гэтыя стандартызаваныя модулі СААЗ найчасцей выкарыстоўваюцца пры аказанні медыцынскай дапамогі на ўзроўні першаснага звяна ў экстранных і надзвычайных сітуацыях. Кожны камплект разлічаны на аказанне дапамогі кантынгенту колькасцю дзесяць тысяч чалавек у сярэднім на працягу трох месяцаў.